БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
т. 2, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)